Пясняр Бабруйшчыны Мікола Аўрамчык
Мiкола Аурамчык падпiсвае для "Вячоркi" сваю кнiгу.
На бацькоускай сядзiбе у Плесах.
З Ганнай Сяменаунай - першым каханнем.
З юнымi землякамi.
Фота на памяць з гасцямi "Вячоркi".
Летам Мiкола Якаулевiч жыве у гэтым доме у Ступенях.
Вядомы беларускі паэт, празаік і перакладчык Мікола Аўрамчык нарадзіўся 14 студзеня 1920 года ў сялянскай сям’і ў вёсцы Плёсы Бабруйскага раёна. Упершыню выступіў у друку з вершамі ў 1937 годзе. Да вайны скончыў тры курсы літаратурнага факультэта Мінскага педінстытута. Ваяваў на Паўночна-Заходнім і Волхаўскім франтах, быў у фашысцкім палоне. Пасля вайны скончыў журфак БДУ. Працаваў у рэдацыях рэспубліканскіх газет і часопісаў. Выдаў дзесяткі зборнікаў вершаў і два празаічныя раманы. Узнагароджаны ордэнамі і медалямі. Заслужаны работнік культуры Рэспублікі Беларусь. Лаўрэат літаратурнай прэміі імя Я.Купалы. Ганаровы грамадзянін Бабруйшчыны. Апошнія гады Мікалай Якаўлевіч летам жыве ў вёсцы Ступяні, што непадалёк ад Цялушы. Звычайна мы запрашаем сваiх гасцей да нас ў рэдакцыю, але да такога слыннага чалавека, тым больш улічваючы яго ўзрост (а Мікалаю Якаўлевічу пайшоў восемьдзесят сёмы год), «Вячорка» паехала на сустрэчу сама. І вось мы ў вёсцы, у гасцінных Мікалая Якаўлевіча і яго жонкі Ганны Сямёнаўны. Сустрэча доўжылася больш пяці гадзін. Фрагменты гутаркі — перад вамi.
Першы верш з’явiўся ў «Камунісце» — Мікалай Якаўлевіч, дзе вытокі вашай творчасці, як вы пачалi пiсаць вершы? — Мая маці, хаця і не скончыла царкоўнапрыхадской школы, была пісьменнай і навучыла мяне чытаць у шэсць гадоў. Памятаю, у 1926 годзе мама са з’езду сялянак-жанчын з Мінска прывезла цэлы стос кніжак… І яшчэ я ўдзячны настаўніцы Алене Лаўрэнаўне Меляшкевіч, якая прывіла любоў да беларускай літаратуры. Шчыра скажу, што ў вучобе я не надта выдзяляўся, хіба што нязменна захапляўся геаграфіяй. Пасля Плёскай пачатковай школы за шэсць кіламетраў хадзіў у Цялушскую. І ў той час пачаў пісаць першыя вершы, а ўпершыню надрукаваўся ў 1937 годзе ў бабруйскай акруговай газеце «Камуніст». А калі заканчваў дзесяцігодку, дык мяне запрасілі ў рэдакцыю, і, памятаеце такога слыннага журналіста Міхася Кручкова, ён напрыканцы гутаркі мне сказаў: «Скончыш школу, прыходзь да нас працаваць». Але абставіны склаліся iнакш. Праз два месяцы Аркадзь Куляшоў надрукаваў мой верш, а Кузьма Чорны даў адказ на маё апавяданне. І выклікалі мяне на месячныя курсы-канферэнцыю маладых аўтараў. А там прапанавалі працу ў «Піянер Беларусі», я згадзіўся, але падвёў бабруйскіх журналістаў. У тым жа годзе паступіў у педінстытут. Аднойчы на сустрэчу са студэнтамі прыйшлі Янка Купала і Якуб Колас. I Колас пакінуў добры водгук аб маім вершы «Адлёт жураўлёў», блаславіўшы такiм чынам мяне ў творчы шлях.
У акружэннi еў коней i сёдлы — А потым пачалася вайна… — Вестка аб вайне знайшла мяне ў інстытуцкай бібліятэцы, дзе я рыхтаваўся да апошняга экзамена за трэці курс. Апынуўся я ў Мсціслаўлі, залічылі ў запасны полк. Потым накіравалі мяне ў тапографы... А затым паступіла каманда: усіх, хто мае незакончаную вышэйшую адукацыю, накіраваць у Маскву. Там, у Лефортава, у страшэнным сакрэце рыхтавалі каля двухсот дывізіёнаў «Кацюш». Спачатку ваяваў на Паўднёва-Заходнім фронце, потым на Волхаўскім. Што цікава: апрануты мы былі добра — цёплыя сцёганыя штаны, паўшубкі, а вінтовак не было, затое гранат хапала. Пра 2-ю ўдарную армію многа рознага напісана. Скажу, што байцы драліся да апошняга, многія выйшлі з акружэння, і 2-я ўдарная ваявала ўсю вайну. У акружэнні давялося паесці коней, студзень, звараны з сёдлаў… — Даводзілася потым быць на месцах тых крывапралітных баёў? — Ездзіў пасля вайны двойчы. Гэтае месца, паміж Ноўгарадам і Чудава, як на здзек, называецца Мясны Бор. Следапыты да гэтага часу раскапваюць целы загінуўшых. Колькі там нашых байцоў палягло! Я пабываў у палоне ў іспанцаў, ад іх уцёк лёгка, затое хутка папаўся немцам. Зведаў 5 перасыльных лагераў і шталаг, прабыў у іх каля трох гадоў. — Пра катаржныя ўмовы працы на шахтах нямецкага Рура вы яскрава расказалі ў рамане «У падзямеллі»… — Раман біяграфічны. Янка — мой правобраз, ён спачатку быў Мікалай, але мне параілі змяніць імя. І калі б мне не дапамог немец i урачы, якіх я апісваю ў рамане, напэўна, мой бы лёс быў такі, як і тысяч іншых суайчыннікаў. Немцу таму было гадоў за пяцьдзесят, мне ён здаваўся старым. Ён называў мяне Нікалаус. Я размаўляў з ім так, што ён рагатаў. Хаця нямецкі я вучыў восем гадоў, у школе, інстытуце...
Палымяная маладосць — Як склаўся ваш лёс пасля вайны? — Вызвалілі мяне з няволі англічане ў канцы красавіка 1945 года. Нейкі час працаваў сталяром на Рутчанкоўскім дрэваапрацоўчым камбінаце Данецка. Аб тым часе напісана нізка вершаў «Легенда аб залатой зямлі». Вясной 1946 года вярнуўся ў Мінск і паступіў на аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага універсітэта, які скончыў у 1949 годзе. Але ж да гэтага завітаў у рэдакцыю бабруйскай абласной газеты «Совецкая Радзіма», там працаваў Рыгор Пракопчык, разам да вайны вучыліся ў інстытуце. Ён пазнаёміў з намеснікам рэдактара Мікалаем Дастанка, які прапанаваў мне работу. Я згадзіўся, сказаўшы, што вось з’езджу толькі ў Мінск за даведкай аб даваеннай вучобе. Дарэчы, студэнскі білет і залікоўка ўсю вайну былі са мной, уцалелі, толькі крыху рассыпаліся. Яны і цяпер у мяне. А ў Мінску прапанавалі працу ў «Чырвонай змене». Дык Дастанка гадоў дзесяць са мной не размаўляў, пакрыўдзіўся, але ж потым сказаў: «Ты правільна зрабіў тады». — Цікава, чаму вы не аднавілі вучобу ў педінстытуце, а перайшлі на журналiстыку? — Я ж вучыўся і працаваў. Заняткі ў інстытуце пачыналіся раніцай, а на аддзяленні журналістыкі — увечары. Пасля «Чырвонцы» перайшоў у газету «Літаратура і мастацтва». Мне цікавей там было працаваць з такімі вядомымі пісьменнікамі і журналістамі, як Пімен Панчанка, Рыгор Шкраба, Алесь Есакоў, Уладзімір Шахавец, Валодзя Мехаў, Алесь Кучар, а рэдактарам быў Аркадзь Куляшоў.А потым Максім Танк «перацягнуў» мяне ў часопіс «Полымя», якi рэдагаваў. Прыемна было з ім, таленавітым паэтам, душэўным, сціплым чалавекам, вялікім дэмакратам, працаваць. Многае ў паэзіі, у жыцці я набыў за час працы ў «Полымі». — I 28 гадоў вы аддалі часопісу «Маладосць»? — Мне часам здаецца, што я на столькі гадоў, колькі прапрацаваў у «Маладосці», маладзей свайго ўзросту. Бо гэта ж праца з паэтычнай моладдзю, іх хваляваннямі, перажываннямі! А трапіў я ў часопіс па жаданню Машэрава — першы сакратар ЦК камсамола вырашыў адкрыць літаратурны часопіс для маладых. А пярэчыць яму было небяспечна. Пры гутарцы Пётр Міронавіч цікавіўся маімі бытавымі ўмовамі, заработнай платай і, атрымаўшы маю згоду перайсці ў новы часопіс, быў задаволены. Маладых вучыў і разам з імі вучыўся. Неяк падлічыў, аказалася, што болей 100 маладых паэтаў блаславіў у творчы шлях! І задавальненне ад гэтага! Я нідзе не гаварыў, а зараз скажу без сціпласці: мне прысвечана 70 вершаў паэтаў, не толькі беларускіх, а і рускіх, украінскіх... Я пабываў ва ўсіх кутках Савецкага Саюза — ад Мурманска да Калымы, сустракаўся з многімі выдатнымі літаратарамі, палітычнымі дзеячамі. Так здарылася, што мяне ўключалі ва ўсе афіцыйныя дэлегацыі ў днях літаратур народаў СССР. І ўражаннi занатаваны ў блакнотах, ёсць шмат фатаздымкаў... Але каму гэта зараз патрэбна? — Дарэмна так думаеце. Ваша кніга нарысаў «Знаёмыя постаці», прысвечаныя беларускім празаікам, паэтам, грамадскім дзеячам, выдадзеная тры гады таму, разышлася хутка. — Не мог я не напісаць пра Я.Коласа, Я. Купалу, К.Крапіву, А.Куляшова, П.Панчанку, М.Танка, А.Пысіна, М.Сурначова і іншых літаратараў, якія аказалі значны ўплыў на маю творчасць ці былі сябрамі. У той кнізе — цікавыя звесткі i пра П.Машэрава, З.Бядулю, І.Мележа… Але не ўвайшлі нарысы пра Уладзіміра Караткевіча, Андрэя Макаёнка, Васіля Быкава і іншых.
«Лысую гару» мы напісалі з Гілевічам — Мікалай Якаўлевіч, над чым зараз працуеце? — Амаль нічога цяпер не пішу. Вось у часопісе «Дзеяслоў» надрукаваны друкавацца мае ўспаміны пра Янку Брыля.Ёсць задума перавыдаць успаміны ў поўным аб’ёме. — У апошні час вы штогод удзельнічаеце ў Пушкінскіх чытаннях у Цялушы. Чым яны вас прывабліваюць? — У Цялушы жыла ўнучка вялікага паэта Наталля Аляксандраўна Варанцова-Вельямінав. На сродкі яе сям'і была пабудавана школа, царква,бальніца.Першае святкаванне Пушкіна у Цялушы адбылося ў 1937 годзе, у стагоддзе з дня яго смерці. Вучыўся я тады ў 9-м класе. Па школьнай праграме тады вучылі Жарава, Лебядзінскага, Безымянскага, а Тургенеў, Талстой, Пушкін былі для нас «дваранскія пісьменнікі». На стагоддзе вызвалілі з турмы нават святара Сяргея Пушкіна (а пасля свята пасадзілі). Пасля вайны я шукаў яго карані, але безпаспяхова. А многія родзічы Пушкіна — Кліменкі, Калагрывавы — былі рэпрэсіраваны.Адзіная дачка Наталлі Аляксандраўны настаўнічала ў Ратміравічах, потым з’ехала ў Архангельск, і далейшы лёс яе мне невядомы. А ў 1946 годзе ў Цялушу прыехала маці Наталлі Аляксандраўны, стала шукаць магілу дочкі. Ніхто не помніць. Было восем магіл памешчыкаў і аднаго святара, між іншым, царкоўны чын яго быў вялікі (нашкалт архімандрыта). У 1931 ці 1932 годзе склепы раскапалі, зраўнялі. Мая маці паказала месца, дзе пахавана была Наталля Аляксандраўна. І на тым месцы паставілі помнік. Пушкін належыць усяму чалавецтву. Паэзію яго я люблю, хаця першая мая любоў — Лермантаў. Дык ці шмат ў Беларусі месц, звязаных з Пушкіным?! Таму i імкнуся ўдзельнічаць ва ўрачыстасцях, прысвечанных вялікаму паэту. — Мікалай Якаўлевіч, карыстаючыся выпадкам, не можам не спытаць: хто аўтар нашумелага ў свой час «Сказа пра Лысую гару»? — Удвух з Нілам Гілевічам мы напісалі, ад коркі да коркі. Ён запісваў сваёй рукой, а я на сваёй машынцы друкаваў. Калi пiсалi, рагаталі. Гавораць, што нават Машэраву спадабалася, і ён спрабаваў устанавіць аўтарства. А наогул, скажу шчыра — слабая рэч. Але ёсць мясціны, якімі я ганаруся. Не ведаю, нашто Гілевічу спатрэбілася цяпер у друку сцвярджаць, што твор напісаў ён, а я, маўляў, падаваў толькі факты. Я рыхтую кнігу, у якой будзе і перапрацаваны «Сказ» з двума аўтарамі. — Вы па-ранейшаму друкуеце на машынцы? — Старэшая дочка спрабавала навучыць на кампутары. Не атрымліваецца! Яшчэ да вайны прывык да машынкі…
«Першае каханне? Вось яно, сядзіць побач» — А цi памятаеце вы, Мікалай Якаўлевіч, пра першае сваё каханне? — Вось яно, сядзіць побач. З Ганнай Сямёнаўнай мы вучыліся ў адной школе, яна на два гады маладзей. Калі б застаўся ў Бабруйску, дык нашы дарожкі не разышліся б. Тады ў хлопцаў у пашане былі вайсковыя спецыяльнасці, і многія мае аднагодкі паступалі ў ваенныя вучылішчы. І вось сувязіст Павел Крычко прывабіў Ганну, якая вучылася ў медыцынскім вучылішчы, і яны пажаніліся. У мяне таксама стварылася свая сям’я. Так дзесяцігоддзямі мы жылі, не сустракаючыся. А калі памерлі нашы палавінкі, гадоў дзесяць таму, мы сустрэліся і сталі жыць разам. — І ніколі не ўспаміналі адзін аднаго? — Чаму ж, успаміналі. (Ганна Сямёнаўна дадае: «Нават сніўся некалькі разоў»). — У вершы, прысвечаным дачкам, вы гаворыце: каб ведаў, што будзе тры дачкі, дык даў бы ім імёны Вера, Надзея, Любоў. А на самой справе? — У мяне тры дачкі, усе атрымалі вышэшую адукацыю. Святлана — бібліятэкар, працяглы час была загадчыцай канцылярыі Саюза пісьменнікаў. Ірына — выкладчык іспанскай мовы. Наталля пасля біяфака ўзначальвае буйнейшую дашкольную ўстанову. На радасць нам растуць тры ўнукі, дзве ўнучкі, праўнук і праўнучка. — Мікалай Якаўлевіч, вось вы працяглы час жывеце ў вёсцы. І назіранняў шмат. Якая яна, вёска, цяпер? І што вы думаеце аб беларускай мове, будзе жыць яна? — У вёсцы ўсё менш застаецца маладых. Калі яшчэ некалькі гадоў на нашай вуліцы ў Ступянях быў дзесятак кароў, то цяпер толькі адна. Што будзе з беларускай мовай? Хто яго ведае. У асіміляцыю яе я не веру. Ведаеце, мову карміла вёска, а цяпер яе няма. І моўная праблема залежыць ад аднаго-двух чалавек, хто будзе кіраваць. Вось жа ў Ізраілі сумелі адрадзіць ідыш. Пажывем — пабачым. — Як вы самi адчуваеце сябе? — На свае гады добра. Каб мне хто сказаў пасля вайны, што я пражыву столькі, плюнуў бы ў вочы. Раніцай і вечарам штодня прымаю па дзве таблеткі лекаў. Нядаўна на сучаснай кампутарнай сістэме ўрачы выявілі, што калісьці я хварэў туберкулёзам, маўляў, кропкі засталіся. Хутчэй за ўсё ў Германіі, на шахтах, бо голад і холад зведаў спаўна. — Жадаем вам, Мікалай Якаўлевіч, разам з Ганнай Сямёнаўнай у добрым здароўі сустрэць 90-гадовый юбілей і яшчэ шмат гадоў радаваць аматараў вашай творчасці новымі творамі! — Дзякую за пажаданні, спадзяюся на гэта. Аляксандр ДЗЕМІДОВІЧ.
Куток, з маленства дарагі… Пасля шчырай гутаркі за гасцінным сталом у Ступянях мы паехалі з Міколам Якаўлевічам і Ганнай Сямёнаўнай на радзіму паэта, у вёску Плёсы. Хаця, прыгадваючы па дарозе знакамітыя радкі Аўрамчыка аб Бабруйшчыне, міжволі падумалася, што радзіма для яго — не толькі Плёсы: Мая Бабруйшчына зялёная. Здаешся іншым ты малой З тваёй Бярэзінай хвалёнаю І з непрыкметнаю Алой. А мне заўсёды паўнаводнымі Здаваліся іх берагі, Былі твае мясціны роднымі, Куток з маленства дарагі… Не дзіўна, што тут людзі лечацца… Куды ні траплю — у Туркі, Панкратавічы або Лейчыцы, — Мяне сустрэнуць сваякі… Ля Ступянёў і за Цялушаю, Майго кахання з той пары Сляды нічым не зацярушаны — Цвітуць пралескамі ў бары… — Вось тут, з левага боку, быў панскі маёнтак, — паказвае праз вакно машыны Мікола Якаўлевіч. — Побач — дзве сажалкі вялікія, адна ўжо зарасла, смеццем закідана. А вось і мая сядзіба пачынаецца… Пад засенню дрэў, у атуленні кустоў і разнатраўя — даволі дыхтоўная хаціна. Вялікі сад, агарод. — А як зарасло ўсё, забуяла, такога яшчэ не было, — са скрухаю кажа Мікола Якаўлевіч. — Вось гэты сад мы саджалі з бацькам у 1935-м годзе, у ім 60 яблынь-антонавак. Праўда, яны ніколі не абразаліся, не бяліліся, не падкормліваліся, таму ў такім запушчаным выглядзе. Дом быў пабудаваны ў 1924-м, а пасля вайны яго перасыпалі і паставілі на некалькі метраў зводдаль ад ранейшага месца. Вунь там — калодзеж, вельмі смачная вада ў ім была. Тут надта зямля харошая, амаль чарназём. Гэта таму, што панскія сажалкі чысціліся і глей з іх выкідваўся сюды. На агародзе зараз нешта расце, дык гэта сястра з Мінску прыязджае, вырошчвае агародніну. Я бываю тут рэдка. Летась на пушкінскім свяце ў Цялушы быў і завітаў у Плёсы на могілкі да бацькоў ды родзічаў. А дочкі мае, калі малымі былі, штолета праводзілі тут, з бабуляй. З прадуктамі тады цяжкавата было, дык прывозілі ў вёску пярлоўку, яна варыла дзецям кашу, зашкварвала яе… Зайшла ў нас гамонка і аб знакамітых ураджэнцах Плёсаў. — Пішуць, што з вёскі выйшлі тры вядомыя чалавекі — Аўрамчык, вучоны-медык Ліпец і даярка-гераіня Сакун. А тут, між іншым, нарадзіўся такі чалавек, што ўсе ахнуць, калі даведаюцца яго прозвішча. Вельмі вядомы чалавек, у Маскве працаваў, Сталін яго ведаў. Але ні ў Вялікай Савецкай Энцыклапедыі, ні ў іншых даведніках звестак пра яго няма. «Засакрэчаны» быў чалавек, многае зрабіў для Савецкага Саюза… Заінтрыгаваўшы нас, Мікола Якаўлевіч, прозвішча выдатнага земляка назваць адмовіўся: «У мяне напісана цэлая кніга ўспамінаў, дзе я расказваю і пра гэтага чалавека, але яе трэба яшчэ выдаць…». Тым не менш, аўтар паабяцаў прадаставіць у свой час матэрыял аб выдатным земляку для нашай газеты. На вуліцы бавіла час купка юных плёсцаў з веласіпедамі, і Мікола Аўрамчык пацікавіўся, чые яны дзеці-унукі, сфатаграфаваўся на памяць. Пагаманіў ён і з пажылымі жанчынамі, што адпачывалі на лавачцы непадалёк. Бацьку Валянціны Антонаўны Самак — Антона Бандарчука паэт добра ведаў і ў гаворцы з ёю цікавіўся лёсам сям’і… Прыехаўшы назад у Ступяні, мы развіталіся, падзякаваўшы Міколу Якаўлевічу за цікавую размову і гасціннасць і пажадаўшы яму здароўя і даўгалецця. Сустрэчы з такімі людзьмі ўзбагачаюць і духоўна, і душэўна. Аляксандр УДОДОЎ. Фота Валянціна СЫСОЯ.
Игорь Аврамчик Avigiv@yandex.ru Анастасия Серова, я соглашусь с Вами. Николай Аврамчик духовно близкий мне писатель, человек.
Я хочу адресовать вопрос к автором статьи: Примерно в ~2000 году Николай Аврамчик приезжал в Телушскую школу, и, как я помню, на втором этаже состоялась встреча преподавателей и учеников с Ним. Тогда же был снят и документальный фильм о Николае Аврамчике, который транслировался по БТ. Если вы владеете какими-нибудь сведениями по данному вопросу, прошу Вас написать мне ответ на e-mail: Avigiv@yandex.ru Буду очень благодарен... Анастасия Серова stasi000mail.ru Я много читала его произведений, но честно признаюсь мало знала с самом писателе. Вы же помогли мне пополнить мою шкатулку знаний. Спасибо вам огромное! Думаю, что это могу сказать не только я!
|