ГлавнаяОбратная связьКарта сайта

Дырэктар па прызванню. Сяргей Андрэевіч Валеваты, дырэктар камбіната жалезабетонных вырабаў.



Знаёмцеся: Сяргей Андрэевіч Валеваты, дырэктар камбіната жалезабетонных вырабаў.
Нарадзіўся: у 1970 годзе ў вёсцы Брожа Бабруйскага раёна. Бацька працаваў брыгадзірам паляводчай брыгады, маці- галоўным эканамістам у саўгасе імя Ленінскага камсамола.
Вучыўся: закончыў Брожскую сярэднюю школу і Магілёўскі педагагічны інстытут імя А.Куляшова.
Працаваў: у школе, памочнікам дэпутата Вярхоўнага Савета Беларусі, інжынерам па маркетынгу Бабруйскага завода буйнапанельнага домабудавання, у камерцыйных структурах,у Нацыянальным алімпійскім камітэце. У сярэдзіне ліпеня 2004 года быў прызначаны дырэктарам камбіната жалезабетонных вырабаў.
Сям'я: жонка Таццяна працуе медсястрой у паліклініцы №1, 12-гадовая дачка Дзіана вучыцца ў Славянскай гімназіі, сыну Паўлу - 1 год 9 месяцаў.

"Праект, якім ганаруся і сёння..."
- Сяргей Андрэевіч, якім быў ваш шлях да дырэктарства?
- Пасля заканчэння школы была няўдалая спроба паступіць на геаграфічны факультэт БДУ. Любіў геаграфію, захапляўся падарожжамі. Вярнуўся ў школу, працаваў тут лабарантам да прызыву ў войска. Па маёй настойлівай просьбе служыць накіравалі ў марскую пяхоту. Трапіў у разведвальна-дэсантную роту на Паўночны флот. Вельмі цікавая была служба, яна загартавала і здароўе, і характар. Акрамя фізічнай, набыў і духоўную моц. Двойчы ўдзельнічаў у вайсковых парадах на Краснай плошчы, здзейсніў з дзесятак скачкоў з парашутам. Атрымаў добрую падрыхтоўку ў войску, і хацелася перадаваць навыкі дзецям. Таму пасля службы выбраў у інстытуце спецыяльнасць "Пачатковая ваенная падрыхтоўка". Але, калі закончыў вучобу ў 1994 годзе, выкладчыкі такой дысцыпліны сталі дзяржаве непатрэбныя. Уладкаваўся ў спартыўную школу, дзе адпрацаваў два гады. Але заробкі там былі мізэрныя. Таму, жывучы на вёсцы, узяў надзел памерам у гектар і працу ў школе спалучаў з працай на зямлі. Вырошчваў агародніну, сам яе рэалізоўваў на рынку. Грошы былі невялікія, але самыя прыемна зарабляемыя ў жыцці.
У 1996-м на заводзе буйнапанельнага домабудавання, дзе працаваў мой сваяк, выпадкова пазнаёміўся з дырэктарам, дэпутатам Вярхоўнага Савета Марыяй Міхайлаўнай Вінакуравай. Пасля непрацяглай размовы яна прапанавала мне стаць памочнікам дэпутата. Цяжка было зрывацца з вёскі, дзе пачаў свой дом будаваць. Але просьбы былі настойлівымі, і я згадзіўся. Выконваючы абавязкі памочніка дэпутата, пачаў прыстасоўвацца і да жыцця завода, унікаць у нюансы вытворчасці. Мяне гэта зацікавіла, і неўзабавемне прапанавалі перайсці на завод у якасці інжынера па маркетынгу. Першай удалай спробай быў праект, якім ганаруся да гэтага часу - мая прапанова па будаўніцтву жылля для спартсменаў. У 1998 годзе, падчас алімпіяды ў Нагана, нашы хакеісты ўдала пачалі турнір, і я прапанаваў Марыі Міхайлаўне: давайце павіншуем пераможцаў. І не проста словамі, а зробім сюрпрыз, аб якім бы пачулі ўсе. Так было прынята рашэнне аб выдзяленні лепшаму хакеісту кватэры ад завода. Адшукаў тэлефон нашай дэлегацыі ў Нагана, накідаў тэкст прывітальнай тэлеграмы і накіраваў яе факсам у Японію. Агучана яна была падчас прамой тэлетрансляцыі матча і здзівіла ўсіх: вось дык бабруйчане! З аднаго боку, гэта быў душэўны парыў радасці за хакеістаў, з другога - тонкі рэкламны крок, які каштаваў нядорага, але не застаўся незаўважаным з боку кіраўніцтва Нацыянальнага алімпійскага камітэта. Падчас сумесных размоў нарадзілася ідэя будаўніцтва заводам ў Мінску жылля для спартсменаў. Урачыстай,знакавай падзеяй стала закладка алімпійскай вёскі, у ёй удзельнічаў і прэзідэнт краины.
Потым я курыраваў будаўніцтва жылля для нафтавікоў у Рэчыцы. Павучальны быў для мяне гэты час, набыў нямала практычных ведаў. Паралельна спрабаваў прыцягнуць на завод новыя замежныя тэхналогіі. Але ў 1999-м па пэўнай прычыне звольніўся. Працаваў у камерцыйнай структуры па продажу будматэрыялаў, у канцэрне "Белбіяфарм", намеснікам генеральнага дырэктара комплекса "Алімпійскі" па эксплуатацыі і будаўніцтву...

"Насупраць вакзала будзе незвычайны дом"
- З якімі праблемамі сутыкнуліся, узначаліўшы камбінат жалезабетонных вырабаў, і як удаецца іх вырашаць?
- Праблемы гэтыя я пачаў вывучаць з вясны 2004 года, яшчэ не будучы дырэктарам. Была падрыхтавана праграма выхаду з крызісу, і гэтую канцэпцыю прыняў аблвыканкам. Калі я ўзначаліў камбінат у ліпені, налічвалася тут 230 чалавек, а крэдыторская запазычанасць складала больш 4 мільярдаў рублёў. Абсталяванне было напалову разрабавана. Усё, што мела пэўны кошт на рынку каляровых металаў - пакрадзена. Яно і не дзіўна: людзі не атрымоўвалі заробкаў. Крэдыторы, убачыўшы, што змянілася кіраўніцтва, амаль адразу ўзялі ў "абцугі". А павінен камбінат быў многім: банку, падатковай инспекцыі, чыгунцы, энергетыкам, пастаўшчыкам матэрыялаў... Некаторыя крэдыторы актыўна дабіваліся вяртання грошай, ламалі як духоўна, так і фізічна, былі нават пагрозы з боку камерцыйных структур. Каб не мая загартоўка ў войску - можа, і зламаўся б... Прасіў пацярпець, паказваў бізнес-планы. А з некаторымі размаўляў, як і яны са мною, - нахабна. Першыя паўгода праца была, як баявыя дзеянні. Галоўнае ж, што мяне ўразіла, гэта патухшыя вочы людзей. Яны не верылі, што тут можна нешта зрабіць.
Трэба было знаходзіць грошы, каб запусціць завод. Браліся за любую работу. Выстаўлялі бардзюры на вуліцах, клалі плітку ля чыгуначнага вакзала, нават разбіралі нейкі хлеў у Бялыніцкім раёне... Памятаю першую зарплату, якую закрываў як дырэктар. Многія рабочыя па 2-3 дні не выходзілі на працу - пілі. Звольніць іх - не лепшае выйсце. Сустракаўся з людзьмі і спрабаваў уздзейнічаць на свядомасць. Большасць моладзі верыла, што справімся з цяжкасцяямі, а вось некаторыя людзі сталага ўзросту не "паддаваліся", таму шкадаваць іх не мог. У кастрычніку камбінат запрацаваў. Атрымалі заказ на заканчэнне раней прывязанага дома ў мікрараёне "Заходні", першыя грошы пайшлі. У канцы 2004-га атрымалі ад дзяржавы адтэрміноўку па падатках у бюджэт. Праз год працы я змог запрасіць на камбінат людзей, з якімі калісьці працаваў на заводзе буйнапанельнага домабудавання. Прыйшлі спецыялісты сваёй справы, і мне не трэба было ўжо, як кажуць, лезці ў кожную дзірку, а сканцэнтраваць увагу на пошуку заказаў. Маем іх зараз і ў Бабруйску, і ў Мінску. Грошы з гэтых аб'ектаў дазваляюць разлічвацца са старымі даўгамі, абнаўляць вытворчасць, з'явілася магчымасць папаўняць абаротныя сродкі. Распачалі рамонт будынка ўпраўлення, узбройваемся аргтэхнікай. Колькасць працуючых на камбінаце з 230 чалавек вырасла да 550, неблагія і заробкі.
- А панельнае домабудаванне - не ўчарашні дзень? Надта ўжо непрывабныя, неаканамічныя будыніны, з дзіравымі дахамі і стыкамі...
- Вы, мабыць, ужо даўно з гэтым не сутыкаліся. За апошнія 10-15 год шмат чаго змянілася. Перш за ўсё гэта новыя матэрыялы, якія дазваляюць пазбегнуць тых праблем, што меліся раней. У пачатку 90-х панельны дом быў, што рэшата. Зараз не так, мы здаем зусім другія дамы. Дарэчы, хутка мы будзем будаваць дом, якому ў Бабруйску няма аналагаў. Атрымалі пад яго пляцоўку насупраць чыгуначнага вакзала, на Станцыйнай,7. Хацелася зрабіць так, каб панельны дом меў сучасны, прывабны выгляд. І думаю, што гэта ўдасца. Дом будзе звонку ўцеплены, атынкаваны. Жыхары пры яго эксплуатацыі адчуюць, наколькі танней будуць плаціць за ацяпленне. Першы паверх будзе адведзены пад магазіны. А сам дом нагадае Дом урада ў Мінску. Пасярэдзіне "падковы" - 9 паверхаў на два пад'езды, потым - 7 і менш. Тут будуць так званыя французскія балконы, замест бетонных агародж - шкло ад падлогі да столі. Дарэчы, гэта будзе першы дом, які мы будзем будаваць не для ЖсК, а на продаж.
- Якімі ж цэны будуць, і калі гэты дом мяркуецца здаць?
- Пра канкрэтныя цэны пакуль цяжка сказаць. Прыблізна яны будуць, як на жыллё на другасным рынку. А будаваць пачнем у ліпені гэтага года. У доме будзе 170 кватэр, і здаваць пад'езды мяркуем паэтапна. Поўнасцю ж закончым будаўніцтва ў наступным годзе.
- Сяргей Андрэевіч, як жа вы кіруеце камбінатам без спецыяльнай будаўнічай адукацыі?
- Да мяне былі толькі будаўнікі, нехта нават і з дзвюма будаўнічымі адукацыямі. А вынік? У маёй практыцы бывалі выпадкі, калі даводзілася папраўляць і дыпламаваных спецыялістаў, і мне было сорамна за іх. Кіраўніку сёння важна не столькі ведаць сам тэхналагічны працэс на ўзроўні рабочага чалавека. Ён павінен ведаць, куды весці прадпрыемства, паставіць задачу і спытаць за яе выкананне, павінен валодаць якасцямі мененджэра. Дарэчы, маю сябра у Чэхии, яки кируе буйной будауничай кампанияй, маючы дыплом агранома.     
 
Наша анкета
Хто вы па знаку Задыяка?

- Цялец, нарадзіўся ў год сабакі. Але, шчыра кажучы, не сачу за ўсім гэтым. Чаму славянін павінен верыць ва ўсходні гараскоп? У нас зусім іншы ўнутраны, духоўны свет.
 Ваша любімая кніга?
- Такой няма. Не магу зразумець, як у чалавека можа быць адна любімая кніга, гэта ж гаворыць аб яго абмежаванасці. Любімы жанр - зусім іншае. У мяне гэта,напрыклад, - гістарычны жанр. Трэба чытаць тое, да чаго маеш прагу. У мяне многа разнастайнай літаратуры. Бывае, і на лірыку пацягне. Зараз вось чытаю энцыкліку Яна Паўла-11 "Вера і розум". Складаная рэч.
Любімае свята?
- Раней я не разумеў сэнсу Пасхі. Цяпер - іншая справа, адчуваю сябе святочна.
Ваш любімы час года?
- Люблю ўсе часіны. А як будаўніку, не падабаюцца вясновыя ці восеньскія дажджы.
Ваш ідэал жанчыны?
- У розных жанчын трэба шукаць свой ідэал. Маці - гэта супакой, каб як у дзяцінстве, каб было адчуванне лёгкасці падчас сустрэчы. Суджаная павінна быць пяшчотнай, добрай, інтэлектуальнай, выхаванай. Дачка - спагадлівай, уважлівай, паслухмянай.
Любімая жывёліна?
- Конь, напэўна. Хаця ў дзяцінстве атрымаў з-за каня сур'ёзную траўму.
А любімая страва?
- Нацыянальная беларуская кухня - дранікі, калдуны...
Што пераважаеце са спіртных напояў?
- Піва люблю. Сябар жыве ў Чэхіі, наведваю яго і прызвычаіўся да гэтага напою. Але люблю толькі "жывое", а не пастэрызаванае піва.
Што любіце напець пра сябе?
- У залежнасці ад настрою.
Ваш любімы куток на зямлі?
- Люблю прыроду, асабліва спалучэнне лесу і ракі. Да чагосьці аднаго не прывязваюся, у любым месцы можна адшукаць прыгажосць.

Аляксандр Удодаў.
Фота Дзмітрыя Мякіна.

Желаю вам...



25/04/07 | просмотров: 5088 | Комментировать

© 2006-2024, bobruisk.org