ГлавнаяОбратная связьКарта сайта
Бобруйск // Вечерний Бобруйск // В гостях у "Вечерки"

Чалавек Божай справы кcендз бабруйскага касцёла Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі Юры Быкаў


Кcендз бабруйскага касцёла Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі Юры Быкаў ў рэдакцыі газеты “Вечерний Бобруйск”.

Чалавек Божай справы

 

Гэты год знамянальны для Юрыя Быкава, кcяндза бабруйскага касцёла Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі: нядаўна споўнілася тры гады, як ён прыняў сан святара, а ў верасні будзе год, як узначаліў бабруйскую парафію. Увогуле яго жыццё да ўзроста Хрыста было такім, як у многіх іншых яго палеткаў: нарадзіўся і жыў у Мінску, хадзіў у школу, набыў вышэйшую адукацыю, працаваў… Але ўсё ж адно адрозненне ад іншых было — разам з маці ён з дзяцінства наведваў касцёлы, шчыра верыў у Бога. А ў 33 гады зрабіў свой галоўны жыццёвы выбар. Сёння ксендз Юрый — наш госць і з ахвотай адказвае на нашыя пытанні.

 

Шлях да Бога

 

— Юры, як вы прыйшлі да Бога?

— Сям’я ў мяне звычайная. Бацька — вадзіцель, маці працавала бухгалтарам у банку. Мама каталічка, бацька праваслаўны. Дарэчы, не памятаю ніводнага канфлікта паміж імі на рэлігійнай глебе. Бацька ў царкву не хадзіў. Затое матуля часта вадзіла мяне ў касцёл (памятаю, у дзяцінстве касцёлаў было няшмат, прынамсі ў Мінску не было), і мы ў касцёл ездзілі ў Вільню (Вільнюс), там удзельнічалі ў набажэнствах. Калі ксяндзы прыязджалі ў Беларусь, а гэта здаралася ў мястэчцы Буслаў Мядзельскага раёна, то мы туды таксама ездзілі на набажэнствы. Потым, калі сталі аднаўляцца каталіцкія касцёлы на Беларусі, стала прасцей іх наведваць. Спачатку ўдзельнічаў у літургіях ў мінскай кальварыі, наведваў першы касцёл, правільней, капліцу, у Мінску, гэта было ў канцы 80-х гадоў, а потым, калі адчынілі парафію на Залатой Горцы — касцёл Святой Троіцы, Св. Роха, удзельнічаў там у літаргіях.

— Якую рэакцыю ў бацькоў выклікала ваша рашэнне стаць святаром?

— Па першае, стаць ім я вырашыў ужо свядомым чалавекам. Гэтае пытанне абдумваў гадоў пяць, а можа і больш. Таму бацькі не здзівілася, а маці падтрымала мой выбар.

— Дзе-небудзь вучыліся?

— Так, перш чым стаць святаром, кожны павінен скончыць выйшэйшую духоўную семінарыю. Перад тым я ўжо меў вышэйшую адукацыю, а гродзенская семінарыя, якая рыхтавала каталіцкіх святароў, не давала вышэйшай духоўнай адукацыі, і таму мяне накіравалі ў Польшчу, у вышэйшую семінарыю, што ў Беластоцкім ваяводстве. Скончыў яе, а потым, на заканчэнне, напісаў магістарскую працу на тэму «Годнасць чалавека ў працах ксяндза Адама Станкевіча» (быў такі святар на Беларусі) і абараніў яе.

 

Вяртанне касцёла

 

— Амаль год вы ўжо на чале бабруйскай парафіі. Нейкія вынікі можна падвесці, ці гэта вельмі малы тэрмін?

— Гэтае пытанне лепш было б задаць не самому святару, а тым, хто ходзіць у касцёл. Я магу толькі сказаць, што са свойго боку хачу, каб у касцёле было больш вернікаў, імкнуся да таго, каб гэты будынак касцёла меў выгляд адпаведны дому Божаму, і буду імкнуцца дасягнуць гэтага, каб усе людзі, незалежна ад прыналежнасці да рэлігійнай канфесіі, ганарыліся гэтым будынкам, што ён ёсць у горадзе.

— Дарэчы, аб ваяртанні касцёла каталіцкім вернікам. У якім стане зараз гэтае пытанне?

— Храм даўно перададзены каталіцкаму касцёлу. Толькі будынак, фасад, які закрывае наш храм, не належыць касцёлу. У нашых планах знесці яго, тым больш, што ён не ў лепшым стане, і поўнасцю аднавіць фасад, аднавіць вежу, каб касцёл прыняў той выгляд, які ён меў ад пачатку сваёй пабудовы. Касцёлу больш 100 гадоў (пабудаваны ў 1904 годзе), ён можа і павінен быць унесены ў рэестр помнікаў архітэктуры Беларусі. Калі храм будзе адноўлены, упэўнены, ён стане ўпрыгожаннем горада. Мы маем прыклад іншых гарадоў рэспублікі, дзе аднаўляліся каталіцкія храмы, напрыклад, мінская катэдра, якую аднаўлялі і католікі, і дзяржава. Аднаўленне касцёла неабходна не толькі католікам, а наогул усім людзям, храм павінен быць храмам, а не забудаваным без усялякай канцэпцыі будынкам. Шкада, што раней выкарыстаны вялікія сродкі, каб спачатку знішчыць, а цяпер, магчыма, спатрэбяцца яшчэ большыя сродкі, каб аднавіць храм. Магчыма, прычына нашай беднасці ў тым, што мы падчас грошы кідаем не туды, куды патрэбна. І за гэта нясем Божае пакаранне, вымушаны выпраўляць тое зло, якое нарабілі. Але самае галоўнае не тое, што было зроблена з будынкам, а тое, што было зроблена з душамі нашых людзей.

— Гарадскія ўлады падтрымліваюць вас?

— Мы сустракаліся са старшынёй гарвыканкама Міхаілам Рыгоравічам Бандарэнкай, і ён сказаў, што са свайго боку падтрымлівае нашу ідэю рэканструкцыі храма, вяртання яму першаснага выгляду, але домабудаўнічаму камбінату патрэбен час, каб падрыхтаваць іншы будынак, і там ужо шукаюць шляхі вырашэння гэтай праблемы.

 

Усе людзі — браты і сёстры

 

— Папярэднія вашы святары, калі звярталіся да праваслаўных вернікаў, называлі іх братамі і сёстрамі, Папа рымскі Іаан Павел П марыў з’яднаць нашыя дзве веры. Але кіраўнікі праваслаўнай царквы як галоўнае патрабаванне вылучылі вяртанне анексіраваных раней праваслаўных храмаў. І сустрэча паміж мітрапалітам маскоўскім і Папай не адбылася. Наогул, ці магчыма, з вашага пункта гледжання, аб’яднанне дзвух канфесій?

— Я лічу, што нашыя канфесіі вельмі блізкія, гэта два адгалінаванні хрысціянства. Мы верым у аднаго і таго ж Бога, у тую ж адзіную Троіцу. Калі паглядзець на тыя дагматы веры, якія існуюць, мы вельмі блізкія адзін да другога. А вера звычайных людзей наогул сур’ёзных адрозненняў не мае. У абодвух канфесіях аснова — любоў да Бога, якая з’яўляецца асновай да любові паміж усімі людзьмі, любові і павагі да чалавека любой веры і канфесіі. І я спадзяюся, што прыйдзе той час, калі ўсе людзі будуць адной веры, маліцца ў адным ці розных храмах, назва пры гэтам значэння не мае. Езус Хрыстус пакінуў нас, каб мы былі адзіныя ў любові адзін да аднаго.

— Калі гэта здарыцца?

— Аб гэтым ведае адзін пан Бог. А мы, людзі, павінны рабіць усё, каб станавіцца бліжэйшымі адзін да аднаго, а не аддаляцца з-за нейкіх дробязей, поглядаў. А што тычыцца адносін з праваслаўнай царквой, то ў яе ўваходзяць шмат адгалінаванняў, якія маюць свае аўтакефаліі: руская, украінская, некалькі беларускіх аўтакефальных цэркваў, армянская і іншыя. Папа Ян Павел П ішоў на спатканне з усімі гэтымі адгалінаваннямі, імкнуўся, каб мы сталі адным цэлым. Ён ішоў насустрач і нехрысціяскім рэлігіям, імкнучыся знайсці тое, што можа з’яднаць розныя веры. Да жалю, ён так і не змог знайсці паразуменне з Маскоўским Патрыярхатам Рускай Праваслаўнай Царквы. А тое, што тычыцца будынкаў, то на Беларусі мы не знойдзем ніводнага храма, дзе знаходзіліся б католікі, а будынак спачатку належаў праваслаўным. Затое, наадварот, ёсць нямала храмаў, якія спачатку былі каталіцкімі касцёламі, а цяпер там праваслаўныя цэрквы. І самы галоўны храм праваслаўных Беларусі знаходзіцца ў былым касцёле бернардынак. Але я лічу, што калі гэтыя пытанні будуць перашкаджаць нашаму адзінству, то мы ніколі не прыйдзем да пагаднення.

— Колькі ў Бабруйску католікаў?

— Па папярэдніх дадзеных, ад 4 да 6 тысяч. Але гэтая лічба яшчэ ні аб чым не гаворыць. Для нас важныя сапраўдныя, практыкуючыя католікі: колькі ў нядзелю ў храм прыходзіць чалавек, тых, хто рэгулярна ходзіць на службы. Лічу, што ў нашым горадзе будзе тысячы чатыры практыкуючых католікаў. Тое, што нехта ахрышчаны ў праваслаўнай ці каталіцкай царкве, яшчэ не значыць, что чалавек сапраўды праваслаўны альбо католік. Хрышчэнне — гэта толькі першы крок. Галоўнае, каб чалавек імкнуўся змяніць сябе. Калі ён за дзесяць гадоў ні разу не быў у царкве ці только аддаў запіску, або ў касцёле, то нельга сказаць, што гэты чалавек праваслаўны ці католік. Трэба імкнуцца жыць згодна з Божымі запаветамі. І маліцца, і ўдзельнічаць у літургіях.

 

Каханне і ахвяраванне

 

— Быць каталіцкім святаром няпроста, вам, напрыклад, нельга жаніцца. Што вызначыла ваш выбар? Ці не было няшчаснага кахання? Многія пасля гэтага, і ў праваслаўнай, і ў каталіцкай веры, прымаюць абрад бязбрачча.

— Да слова «любоў» трэба падыходз1ць асцярожна. У лацінскай мове для абазначэння гэтага пачуцця ёсць пяць слоў, у беларускай мове яно звужана да двух слоў — каханне і любоў, у рускай адно слова. Любоў гэта не толькі пачуцце. Жаданне і любоў — словы розныя, але стаяць побач. Жаданні ў чалавека павінны рэгулявацца розумам, гэтым дарам Духа Святога. Калі чалавек гэтаму навучыцца, вельмі добра, калі не — дрэнна. З-за чаго бываюць вялікія чалавечыя праблемы? З-за таго, што муж ці жонка не навучыліся рэгулявать гэтыя свае пачуцці — любоў і жаданне. Ад гэтага адбываецца здрада. І гэта не залежыць ад таго, святар ты ці звычайны чалавек. Уся справа ў тым, можам мы быць вернымі ці не. Ёсць праваслаўныя святары, якія таксама ахвяравалі сваё жыццё Езусу Хрысту. А палажэнне, што каталіцкі святар не можа мець сям’ю, не абавязкова азначае, што так будзе заўсёды. Можа прыйсці час, калі на саборы святарам дазволяць мець сем’і. На Захадзе ёсць такая практыка, калі той, хто заводзіць сям’ю, можа быць святаром, але толькі д’яканам. Ён выконвае шмат функцый у касцёле, але жыве з сям’ёй. Гэта падобна да таго, што ёсць у праваслаўнай царкве. А што тычыцца мяне, то ў мяне не было нешчаслівага кахання. Каханні былі, і шчаслівыя. І гэта нармальна. Былі дзяўчаты, якія мне падабаліся, але Божую справу я заўсёды ставіў вышэй.

 

Аляксандр МАЗУРЭНКА.

Фото Дзмітрыя МЯКІНА.

 

Наша анкета

Хто вы па знаку Задыяка?

— Я чалавек веруючы і ў розныя астралагічныя прадказанні і календары не веру і не прызнаю іх. А нарадзіўся я 1 лiпеня 1964 года ў горадзе Мінску.

 

Якую кнігу, на ваш погляд, павінен прачытаць кожны культурны чалавек?

— Гэта Біблія.

 

Што звычайна пяеце сабе пад нос?

— Рознае. Адно важна, каб гэта была сапраўдная музыка. Не люблю той папсы, якая запаланіла ўсё навокол. Люблю ўсё, што добрае і саліднае, не люблю прымітывізма.

 

Ці ёсць у вас любімае блюда?

— Вельмі люблю беларускія калдуны, якія рыхтавала мама.

 

Якая ваша любімая жывёла?

— Цяжка сказаць… можа, сабака.

 

Які выраз больш за ўсё вам падабаецца?

— Мне шмат якія выразы падабаюцца ў Бібліі, але часцей за ўсё ўспамінаю словы Святога Аўгусціна: «Любі і рабі, што хочаш». Калі чалавек любіць па-сапраўднаму, ён не зробіць зла.

 

Дзе ваш любімы куток на зямлі?

— Напэўна, наша Беларусь. Былі прапановы працаваць у іншых краінах, але я выбраў нашу краіну. Каб не любіў яе, напэўна б, не прыехаў сюды.

 

 


11/11/06 | просмотров: 4407 | Комментировать

віктар

вартаснае інтэрв'ю

Г., Израиль, Нет

Я не хрысцiянка, але вельмi рада,што касцёл будзе мець першазданы выгляд.

© 2006-2018, bobruisk.org