Тема: женщина
Показать сообщение отдельно
  #36  
Старый 30.11.2007, 23:27
Zmicier Zmicier вне форума
Member
 
Регистрация: 15.12.2006
Адрес: Бабруйск
Сообщений: 59
Время Online: N/A
ЖАНЧЫНЫ, БЕРАЖЫЦЕ ЖЫЦЦЁ
«Забойства жаноцкасці» — так можна назваць з’яву, якая праяўляецца ў нашым штодзённым жыцці. Жанчыны не хочуць быць маці, а гэта значыць — не хочуць выконваць ролю, адведзеную ім Богам.
Сярод дзяўчат часта праводзяцца апытанні: пра што яны мараць, якой бачаць сваю будучыню? Першае месца ў марах — добрая адукацыя і праца. Мара пра добрую і здаровую сям’ю ў дзяўчат на другасных месцах. Сямейнае жыццё на мэце маецца, але ў даволі аддаленым часе.
Вельмі сумна, што часта жанчыны працуюць не столькі для таго, каб палепшыць сямейны дабрабыт, колькі для набыцця асабістай незалежнасці і самастойнасці. Гэта азначае, што праблемы сям’і пачынаюць займаць усё меншае месца ў іх жыцці.
Колькасць дзяцей у сям’і абмяжоўваецца адным-двума. Можна сказаць, што сям’ёй ахвяруюць дзеля кар’еры. Гэтым самым жанчына падразае карані пад сабой і жыццём усёй Айчыны. Праз гэта яна парушае лучнасць паміж Богам і чалавекам, таму што супярэчыць свайму прызначэнню на гэтым свеце. А прызначэнне жанчыны ў тым, каб даваць, ахоўваць і падтрымліваць жыццё.
А цяпер паглядзім на прычыны, з-за якіх жанчыны так нядбайна выконваюць свае сямейныя абавязкі.
Вялікую ролю адыграла тут Другая сусветная вайна. Краіна панесла вялікія людскія страты, і адбудова разбуранага патрабавала тады і жаночых рук. Жанчыны былі занятыя ва ўсіх галінах народнай гаспадаркі. Маладыя дзяўчаты запаўнялі навучальныя установы, часта жылі ўдалечыні ад сваіх сем’яў, вучыліся гадоў да 25-ці. Так усё менш часу жанчына стала аддаваць стварэнню і падтрыманню сям’і. Трэба сказаць, што працоўная дзейнасць дае жанчынам больш задавальнення, чым хатняя праца. На працы можна чакаць павышэння, словаў падзякі ад кіраўніцтва, а ад дзяцей трэба часам шмат гадоў чакаць падзякі. Таму часта можна пачуць, як жанчына гаворыць, што адпачывае на працы ад сям’і, дзіцячага плачу і г.д.
Такім чынам, жанчыны ўхіляюцца ад сваіх мацярынскіх абавязкаў і ўскладаюць на сябе мужчынскія. Але ж мужчыны і жанчыны вельмі істотна адрозніваюцца фізічна, псіхалагічна.
Жанчыны перадусім ёсць носьбітамі жыцця. Гэтым можна патлумачыць іх больш працяглае жыццё. Інстынкт самазахавання ў іх вельмі развіты, бо гэтага патрабуюць дзеці.
Калі Бог паклікаў чалавека быць жанчынай ці мужчынам, гэта азначае, што Ён давярае чалавеку нейкае заданне. Калі ж чалавек забываецца на свае абавязкі, ён адкідвае тое, што Бог залажыў у ім.
Ва ўсім свеце адбываюцца катастрофы, гінуць людзі, і гэта палохае нас. Але амаль нікога не палохае колькасць дзяцей, што загінулі, яшчэ не нарадзіўшыся, ад рук уласных маці. Гэтыя лічбы — трагедыя свету і нашай Айчыны таксама.
Калі мы такія «вялікія», што не баімся Бога, то давайце баяцца хоць за сваё жыццё і за нашу Айчыну.

ксёндз Генрык Дамашка
__________________
"Край мой родны, зьнішчаны, зьбіты,
зьліты крывёю, сьлязьмі абмыты..."
Язэп Фарботка
Ответить с цитированием