ГлавнаяОбратная связьКарта сайта

Мікала Аўрамчык: Засакрэчаны зямляк (урывак с будучай кнiгi "Бывальшчына")


Мікалай Якаўлевіч з жонкай Ганнай Сямёнаўнай летам жывуць у Ступянях.
Паэт, празаік і перакладчык, заслужаны работнік культуры Беларусі, ганаровы грамадзянін Бабруйскага раёна Мікалай Якаўлевіч Аўрамчык заўсёды сябраваў з мясцовымі журналістамі. Прынамсі, супрацоўнікі "Вячоркі" некалькі разоў гэтым летам ездзілі ў госці да знакамітага земляка ў вёску Ступяні, дзе ён штогод жыве да прыходу халадоў, а потым кіруецца на сваю кватэру ў Мінск.
 Падчас гэтых сустрэч Мікола Якаўлевіч распавядаў нам зашмат цікавага і пра сваё жыццё, і пра аднавяскоўцаў, расказаў аб незабыўных сустрэчах з вядомымі літаратарамі і грамадскімі дзеячамі. Асабліва цёпла і шчыра адгукваўся ён аб земляках, якія праславілі Бабруйшчыну.
Дзве старонкі прысвяціла нядаўна "Вячорка" інтэрв"ю з Мікалаем Якаўлевічам. І была там з яго вуснаў цікавая навіна: Аўрамчык заінтрыгаваў чытачоў звесткай аб "засакрэчаным" земляку. Не назваўшы яго прозвішча, Мікола Якаўлевіч, тым не менш, паабяцаў прадаставіць для нашай газеты рукапісны аповяд аб гэтам чалавеку з будучай кнігі пад назвай "Бывальшчына" -- так бы мовіць, эксклюзіў. І, з"ездзіўшы нядаўна ў Мінск, Аўрамчык прывёз урывак з яе, які мы сёння і друкуем.
 Адметна, што ў гэтым выпадку Мікола Якаўлевіч выступае не толькі як літаратар, а і як даследчык-летапісец роднай Бабруйшчыны. Можа, прачытаўшы гэты ўспамін, адгукнуцца родныя ці сваякі, аднавяскоўцы "засакрэчанага" лётчыка-выпрабавальніка Сцефаноўскага. Калі такія ёсць -- звяртайцеся ў нашу рэдакцыю пісьмова альбо па тэлефоне. Будзем рады вашым звесткам і мы, і Мікола Аўрамчык, якому, дарэчы, хутка споўніцца 87 год.
Журналісты “Вячоркі”
 
 Засакрэчаны зямляк
Было мне тады гадоў сем ці восем, але я запомніў, як над нашай вёскаю ад Бабруйска на Жлобін ляцелі дзесяткі два самалётаў. Мы ўважліва назіралі за іх палётам.
Нечакана адзін самалёт пачаў адставаць ад астатніх, зніжаючыся, зрабіў некалькі плаўных кругоў і, на наша здзіўленне, прызямліўся дзесці каля станцыі Цялушы.
Узрушаныя гэтым, мы, не разважаючы, кінуліся туды бягом. Але пакуль прабеглі тры кіламетры, самалёт абкружала ўжо шчыльнае кола малечы і юнакоў, якія мабыць прыспелі з Кавалёў і з прыстанцыйнага пасёлка.
Пілот у скураной куртцы, з нязвычным для нас шлемам з квадратнымі акулярамі над ілбом, упэўнена, па-гаспадарску хадзіў вакол самалёта, стрымліваючы націск цікаўнага натоўпу, што імкнуўся падыйсці бліжэй да загадкавага паднябеснага птаха.
Нейкі хлапчук, які, напэўна, прыбег сюды раней за іншых, паказаў рукою ў напрамку пасёлка Лясішча, што нібыта туды пайшоў другі пілот. Але хлапчука абсмяяў суседні юнак. Маўляў, чаго яму ісці туды, калі пад бокам пошта і чыгуначны вакзал, адкуль можна паведаміць, куды трэба, аб вымушанай пасадцы.
Забягаючы наперад, прызнаюся: пазней, калі я працаваў тэлефаністам на пошце на станцыі Цялушы, дык пераканаўся, што той хлапчук не хлусіў. Бо калі з таго месца, дзе тады стаяў самалёт, глядзець у напрамку пасёлка Лясішча, то дакладна ў тым жа кірунку, але толькі значна бліжэй, знаходзіўся таксама і хутар Востраў.
Калі я вучыўся ў дзесяцігодцы, многія мае аднакласнікі марылі паступаць у вайсковыя вучылішчы, Адзін з іх, які трызніў авіяцыяй, распавёў пра неверагодны ўчынак нашага земляка, лётчыка Сцепаноўскага.
 
 
Аднакласнік расказваў, нібыта ў час палёту ўнізе ў кабіне Сцепаноўскага прагарэла нейкая труба. Але знаходлівы лётчык не разгубіўся, прыкрыў яе абцасам свайго бота і пасадзіў самалёт на зямлю, нягледзячы на тое, што ў самога выгарала пята нагі.
 
Можа ў гэтам роспаведзе і было нейкае перабольшванне, але ў падтэксце ўсё-такі адчувалася, што Сцепаноўскі не проста пілот, а лётчык-выпрабавальнік.
А я ж не ведаў, што сын Сцепаноўскага – лётчык. Ягонага бацьку я памятаю. Ён нярэдка прыходзіў да майго дзеда. Гэта быў заўсёды чыста апрануты і паголены мужчына высокага росту.
Мая маці казала, што Сцепаноўскі вядзе на Востраве культурную гаспадарку.
Я не разумеў, чаму ягоны хутар празвалі Востравам. Няўжо толькі таму, што вялікую плошчу яго забалочанай сенажаці перасякалі дзве глыбокія канавы, якія пераразалі чыгуначны насып пад двума масткамі і за нашым выганам цягнуліся міма маёй вёскі. Ад яе Востраў амаль на поўдзень за паўтара кіламетры.
У бліжэйшай з гэтых канаваў я рыбачыў: змалку -- з кошыкам, а ў юнацтве -- з таптухаю. Але за чыгуначны насып, бліжэй да Вострава, ніколі не дабіраўся, бо для мяне уга як хапала двухкіламятровага ўчастка канавы, ад Слабады да чыгункі.
Пасля вайны я прачытаў кнігі ўспамінаў авіяканструктараў Ільюшына і Якаўлева. У некага з іх сутыкнуўся з такім фактам.
 
 У трыццатыя гады, калі быў рэпрэсіраваны родны брат Кагановіча, нарком, што меў нейкае дачыненне да авіяматораў, выявіліся таксама і непрыемнасці ў анкеце лётчыка-выпрабавальніка Сцефаноўскага. За гэта апошні трапіў у няміласць і часова быў адхілены ад палётаў.
 
Мяне гэта заінтрыгавала. Можа, лётчык-выпрабавальнік Сцефаноўскі і ёсць сын нашага Сцепаноўскага, той самы пілот, пра неверагодны ўчынак якога распавядаў мой аднакласнік.
Здагадку гэтую падмацоўвала яшчэ і тое, што тады мае землякі замест літары "ф" чамусці вымаўлялі "п". Нашу суседку ў вёсцы звалі не Фёкла, а Пёкла. Дык можа і ў прозвішчы Сцефаноўскага літара "ф" замянілася літарай "п".
А культурныя гаспадаркі, што ў дваццатыя гады існавалі на Беларусі, напэўна, прыраўняліся да кулацкіх, бо іх жа таксама ліквідавалі перад калектывізацыяй. Праўда, я не ведаю, які лёс напаткаў культурнага гаспадара Сцепаноўскага.
 
На 131 старонцы кнігі "Памяць" Бабруйскага раёна ўпамінаецца прозвішча Сцефаноўскага Леаніда Міхайлавіча, рэпрэсіраванага ў 1931 годзе рабочага Гомельскага элеватара. Ці не родны брат ён лётчыка-выпрабавальніка Пятра Міхайлавіча Сцефаноўскага? Праўда, у кнізе паведамляецца, што гэты рэабілітаваны рабочы нарадзіўся ў вёсцы Кавалі. Дык і хутар Востраў уваходзіў у Кавалёўскі сельсавет.
 
Згадзіцеся, што ў складаныя трыццатыя гады спасылкі ў анкеце лётчыка-выпрабавальніка на экспрапрыіраваную культурную гаспадарку бацькі і на рэпрэсіраванага роднага брата былі немалымі непрыемнасцямі.
Карацей кажучы, я пайшоў у бібліяграфічны аддзел Нацыянальнай бібліятэкі і пасля нядоўгіх пошукаў знайшоў у картатэцы картку на кнігу "304 невядомых" Пятра Міхайлавіча Сцефаноўскага, генерал-маёра авіяцыі, Героя Савецкага Саюза, вядомага лётчыка-выпрабавальніка.
У ёй ён падрабязна распавядае аб развіцці савецкай авіяцыі, аб тым, як ён выпрабаваў 304 самалёты. Праўда, ніякіх біяграфічных вестак пра сябе ён не паведамляе.
На працягу трынаццаці гадоў жыцця ў ялцінскім доме творчасці пісьменнікаў я пазнаёміўся з многімі савецкімі літаратарамі, у тым ліку і з маскоўскім нарысістам Сямёнам Вішанковым, які пісаў дакументальныя творы аб савецкіх лётчыках.
Калі я расказаў яму пра гэтую гісторыю, ён пачаў агітаваць мяне напісаць што-небудзь пра Сцефаноўскага. Але хіба ж я лётчык? А што я помню бацьку Сцефаноўскага, дык гэгата ж
яшчэ мала для напісання мастацкага твора.
Між іншым, Вішанкоў расказаў мне і пра тое, як памёр Пётр Сцефаноўскі. Выйшаўшы на пенсію, ён адзін жыў на сваёй падмаскоўнай дачы, па суседстве з іншымі адстаўнікамі-лётчыкамі. Па чарзе яны ездзілі ў Маскву па прадукты. Аднойчы суседзі звярнулі ўвагу на тое, што днём на верандзе дачы Сцефаноўскага гарыць электрычнае святло. Аказалася, што Сцефаноўскі памёр ад сардэчнага прыступу. Вішанкоў расказваў, што Сцефаноўскі быў мажным, высокім мужчынам.
 
Шкада, што праз засакрэчанасць біяграфіяў такіх людзей ні на маёй Бабруйшчыне, ні ў нашай рэспубліцы, мабыць, ніхто нічога не ведае пра гэтага слаўнага чалавека.
 
Ніякіх вестак пра яго няма і ў "Вялікай савецкай энцыклапедыі".
Мікола АЎРАМЧЫК.
Фота Валянціна СЫСОЯ.

23/09/07 | просмотров: 3620 | Комментировать

© 2006-2024, bobruisk.org